Тэма 2.3 Сінанімія. Антанімія
Сінонімы – словы, блізкія па значэнні, якія па-рознаму называюць адно і тое ж паняцце. Сінанімія – поўнае або частковае супадзенне значэнняў двух або некалькіх слоў; падабенства слоў, марфем, фразеалагічных адзінак па значэнні пры адрозненні іх гукавой формы. Сінаніміка – сукупнасць сінонімаў пэўнай мовы; раздзел лексікалогіі, які вывучае сінонімы. Сінонімы адрозніваюцца адценнямі або стылістычнай афарбоўкай або абодвума гэтымі прыкметамі. Напрыклад: мяцеліца, буран, завіруха.
Беларуская мова, як у цэлым і ўсе славянскія мовы, адзначаецца багаццем сінонімаў.
Сукупнасць адзінак мовы, блізкіх паміж сабой паводле значэння, называецца сінанімічным радам. Напрыклад, “мець зносіны з дапамогай мовы” – гаварыць, размаўляць, балбатаць, гаманіць, мямліць, плесці, малоць, бубніць, лапатаць.
У складзе сінанімічнага рада вылучаецца слова, семантычна самае агульнае, што не мае дадатковых стылістычных характарыстык. Яно завецца асноўным (стрыжнёвым, апорным) словам сінанімічных рада. Гэта семантычная дамінанта – адзін з членаў абранага рада як прадстаўнік галоўнага значэння, якое падпарадкоўвае дадатковыя значэнне. Напр.: цягнік, састаў, эшалон, экспрэс, таварняк, паражняк.
Семантычныя адносіны паміж складнікамі сінанімічных радоў даволі разнастайныя. Такі рады аб'ядноўвае: а) словы з больш шырокім і больш вузкім аб'ёмам паняцця (пісьменнік – празаік, паэт, філолаг –мовазнавец, літаратуразнаўца); б) словы розных гістарычных эпох (шкраб – настаўнік); в) спрадвечныя словы, якія выступаюць сінонімамі да слоў іншамоўнага паходжання (рэцэнзія – водгук, дыскусія – абмеркаванне, сельскагаспадарчы – аграрны); г) словы літаратурнай мовы і дыялектызмы (прыгожы – файны, штаны – нагавіцы); г) стылістычна нейтральныя і стылістычна маркіраваныя словы (Радзіма – Айчына, прыехаць – прыбыць). Прыведзеныя прыклады з'яўляюцца ўзорамі лексічных сінонімаў, г. зн. падобных або тоеснасных слоў па значэнні. Але калі гаворка ідзе аб сінаніміцы ў шырокім сэнсе, трэба разгледзець і іншыя тыпы сінонімаў, акрамя лексічных.
Словаўтваральаня сінанімія – наяўнасць прэфіксальна-суфіксальных утварэнняў, надзеленых рознымі семантыка-стылістычнымі адценнямі: спаць, спаткі, спатунечкі. Фразеалагічныя сінонімы – сінонімы-варыянты фразеалагічных адзінак, якія абазначаюць адно і тое ж ж паняцце. Так, паняцце “быць абыякавым да нечага” выражаюць фразеалагізмы захоўваць нейтралітэт, мая хата з краю і інш. Аб разумова непаўнавартасным чалавеку кажуць: клёпак не хапае, варона загуменная і інш.
А.К. Юрэвіч наступным чынам акрэлівае класіфікацыю сінонімаў-слоў. “Лексічныя сінонімы – гэта блізказначныя словы і выразы, якія абазначаюць адно паняцце, але адрозніваюцца адценнямі значэння або стылістычнай афарбоўкай, а таксама спалучальнасцю з іншымі словамі. Характарызуючы вучонага, пісьменніка, вайскоўца, можна сказаць: вядомы 'пра якога ведаюць', знакаміты, слаўны, славуты 'шырока вядомы', відны, выдатны 'вышэй звычайнага ўзроўню', папулярны 'які карыстаецца сімпатыяй грамадства', легендарны 'незвычайны, казачны', слынны (слова дыялектнае, таксама абазначае 'шырокавядомы'). Дзеясловы расплюшчыць, адгарнуць, адчыніць - таксама сінонімы. Але спалучаюцца яны з рознымі назоўнікамі: расплюшчыць вочы, адгарнуцьстаронку, адчыніць дзверы.
Група блізказначных слоў утварае сінанімічны рад, у якім вылучаеццаадно слова, якое выражае агульнае для ўсіх членаў гэтага сінанімічнага рада паняцце і называецца дамінантай. У сінанімічным радзе рэха, водгук, адгук, водгулле, водгалас, адгалоссе, розгалас, адпеў, пагалосак, пошчак, рэзананс, водзыў дамінантай з'яўляецца першае слова – рэха.
Колькасць членаў у сінанімічных радах розная. Як сінонімы да асобных слоў могуць ужывацца фраземы, перыфразы: перашкаджаць – замінаць, ставіць палкі ў колы, стаяць на дарозе, падстаўляць ножку, блытацца пад нагамі, круціцца пад нагамі, звязваць па руках і нагах.
Сінанімічныя рады ўтвараюцца рознымі шляхамі. У сучаснай беларускай мове існуюць шматлікія спрадвечныя словы, якія на розных этапах развіцця мовы па-рознаму называюць адно і тое паняцце: змагчы – адолець, калодзеж – студня, каня – кнігаўка, няволя – прыгнёт, пограб –склеп, скрутак - сувой і інш.
Частка лексічных сінонімаў – словы, запазычаныя з іншых моў у розныя гістарычныя перыяды: гадзіннік – загарак, занавеска – фіранка, зладжана – гарманічна, перапынак – антракт, скрынка – шуфляда.
Сінаніміка беларускай літаратурнай мовы няспынна папаўняецца лексічнымі адзінкамі з мясцовых гаворак: абрус – настольнік, некранутае месца – неруш, прымушаць – прысільваць.
Сінонімы, якія адрозніваюцца сэнсавымі адценнямі, называюцца семантычнымі або ідэаграфічнымі. Семантычныя сінонімы – агульнаўжывальныя, нейтральныя словы: навек – незваротна, невядомы – нязнаны, разумны – мудры.
Сінонімы, якія адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай, называюцца стылістычнымі. Стылістычныя сінонімы ў сучаснай беларускай мове маюць розную ступень актыўнасці ўжывання. Напрыклад, словы борць, дакляраваць, квадра, паходня, перст, скарбовы – архаізмы. Сфера іх ужывання абмежаваная. Ім адпавядаюць сучасныя агульнаўжывальныя словы вулей, абяцаць, чвэрць, факел, палец, дзяржаўны.
Параўнальна з нейтральнымі, агульнаўжывальнымі лексічнымі адзінкамі стылістычна афарбаванымі з'яўляюцца словы: запазычаныя (аддзяленне – сегрэгацыя, незвычайны – экзатычны, рукапіс – манускрыпт); дыялектныя (авечка – шутка, гаварыць – зюкаць, града – ляха, вытаптаць – здратаваць, ліхарадка – ханджа); спецыяльныя (лодка – барка, барліна, лайба; насып – бруствер, размяшчэнне – дыслакацыя); жаргонныя (глупства – туфта, грошы – хрусты, гультай – філон, скандал – буза, схавацца – зашыцца, уцячы – зліняць).
Стылістычнымі сінонімамі лічацца эўфемізмы – словы і спалучэнні слоў, якія ўжываюцца для замены іншых слоў і выразаў, што гучаць груба, зняважліва або выклікаюць непажаданыя ці непрыемныя эмоцыі. Так, замест наркотык гавораць белая смерць, памерці – пайсці на той свет, хлусіць – гаварыць няпраўду.
У сучаснай беларускай мове найбольш сінонімаў, якія адрозніваюцца і сэнсам, і стылістычнай афарбоўкай. Такія сінонімы называюцца семантыка-стылістычнымі. У прыкладах з твораў М. Танка: Не раз я за мурам астрожным па родных гонях сумаваў; Адны любяць пад песню схіліць галаву, зажурыцца, як неба ўвосень; Ну, засні і не варта тужыць; Вось ты тут сохнеш за астрожным мурам. Сінонімы сумаваць – журыцца – тужыць – сохнуць адрозніваюцца сэнсам – паказваюць розныя ступені ча-лавечага пачуцця – і стылістычнай афарбоўкай: сумаваць, журыцца, тужыць – нейтральныя, сохнуць – гутарковы.
Паміж большасцю блізказначных слоў сінанімічныя адносіны склаліся даўно. Такія сінонімы выкарыстоўваюцца ў мове традыцыйна і называюцца моўнымі або узуальнымі (прынятымі ў мове).
У мастацкай літаратуры, публіцыстыцы, гутарковай мове часта сінанімізуюцца лексічныя адзінкі, якія не маюць сэнсавай сувязі і збліжаюцца толькі ў пэўным кантэксце. Гэта сінонімы маўлення, або кантэкстуальныя, аўтарскія, аказіянальныя: Агалела поле. Знята збажына з яго даўно / Глуха, пуста і зацята і нікога не відно (Я. Колас). Қожнае з ужытых Коласам слоў мае сваё значэнне: глуха – 'бясшумна', пуста – 'нічога няма', зацята - 'скрытна'. Стаўшы побач у паэтычным кантэксце, яны набываюць агульнае значэнне – 'непрытульна' і называюцца кантэкстуальнымі сінонімамі [3, с. 482].
А н т о н і м ы – словы з процілеглым значэннем, якія называюць несумяшчальныя паняцці: радасць – смутак, поспех – няўдача, сіла– слабасць, далёкі – блізкі, вясёлы – сумны, сябраваць – варагаваць, даўжэй– карацей, ясна –цёмна, сонечна – воблачна, добра-дрэнна, тут – там. Гэта значыць паняцці, у якіх змест аднаго адмаўляе змест па-другое. Гэтыя паняцці адносяцца да аднаго рада з'яў аб'ектыўнай рэчаіснасці. Так, словы глыбокі – плыткі паказваюць памер па вертыкалі, салодкі – горкі выражаюць смакавыя якасці, далёка – блізка паказваюць на адлегласць, мінулае – будучыня пазначаюць час. Нельга сказаць, што антонімы – гэта словы, якія выражаюць супрацьлеглыя значэнні, паміж якімі няма ніякай сувязі. Паняцце, як правіла, выклікае ў таго, хто гаворыць, лагічны антонім (парнае слова). Гэта натуральная асаблівасць чалавечага розуму, важны існуючы ў нашым распараджэнні спосаб замацавання і аналізу адчування. У чалавечай свядомасці абстрактныя паняцці закладзены парамі, кожнае са слоў гэтай пары так ці інакш выклікае ўяўленне аб другім: хуткі – павольны, прыгажосць – пачварнасць, багацце – галеча. Такім чынам, у антанімічныя адносіны ўступаюць не ўсе словы, а толькі тыя, што аб'яднаны сэнсам на аснове іх супрацьлегласці, супрацьпастаўлення. Перш за ўсё гэта словы, якія маюць якасныя, колькасныя, часовыя, прасторавыя значэнні: цёмны – светлы, халодны – гарачы, злы – добры, ціхі – гучны, шкодны – карысны; мала – шмат, ноч – дзень, вечар – раніца, сёння – учора, злева – справа, назад – наперад, нізка – высока, поўнач – поўдзень, зямля – неба. Антонімы выражаюць супрацьлеглыя значэнні дзеянняў і станаў: гаварыць – маўчаць, кахаць – ненавідзець, уставаць – класціся, старацца – ленавацца. Усе значэнні прыведзеных антанімічных пар называюцца супрацьлеглымі таму што яны ўзаемна выключаюць адзін аднаго. Любая рэч, напрыклад, не можа быць адначасова цяжкай і лёгкай, вялікай і малой, далёкай і блізкай. Гэта значыць словы, якія маюць супрацьлеглае значэнні, знаходзяцца на крайніх кропках рада. Часам паміж антонімамі існуе сярэдняе, прамежкавае паняцце: пачатак – сярэдзіна – канец, мінулае – сучаснасць —будучыня. Супрацьпастаўляюцца адзін аднаму і паняцці, звязаныя з мужчынскай і жаночым полам, калі яны знайшлі выражэнне ў назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду: бацька – маці, дачка – сын, дзеяч – дзячка. Супрацьпастаўляюцца не толькі назвы людзей, але і назвы жывёл: качар – качка, мядзведзь – мядзведзіца. У антанімічныя адносіны не ўступаюць словы з канкрэтным значэннем, паколькі яны называюць такія паняцці, якія не маюць прамых супадзенняў, суадносных па супрацьлегласці: стол, печ, трактар, драўляны, алюмініевы, фабрычны і пад.
Па сваёй структуры антонімы неаднастайныя. Яны бываюць рознакаранёвыя і аднакаранёвыя, прычым рознакаранёвых антонімаў больш. Акрамя пералічаных прыкладаў, можна прывесці яшчэ: пяшчотны – грубы, бадзёры – стомлены, сустрэча – расстанне, цяпер – калісьці. Такія антонімы называюцца ўласналексічнымі. Сярод іх часцей назіраюцца прыметнікі (бо антанімія асабліва ўласцівая словам, што абазначаюць якасць), затым назоўнікі, дзеясловы і іншыя часціны мовы. Другі разрад антонімаў – аднакарэнныя: праўда – няпраўда, воля – няволя, надзея – безнадзейнасць, бяспека – небяспека, спакойны – неспакойны, магчымы – немагчымы, карыслівы – бескарыслівы. Такія антонімы называюцца лексіка-граматычнымі. Супрацьлегласць ў іх адумоўлена далучэннем антанімічных прэфіксаў: зачыніць – адчыніць, увайсці – выйсці.
Аналізуючы тыпы антаніміі ў беларускай мове, Г.К. Усціновіч адзначае наступнае. “Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў (дабро – зло, ранак – вечар), прыметнікаў (шырокі –вузкі, салодкі – горкі), дзеясловаў (пачынаць – канчаць, браць – аддаваць), прыслоўяў (далёка – блізка, цёпла - холадна). Па сваёй структуры антонімы дзеляцца на аднакарэнныя і рознакарэнныя: замкнуць – адамкнуць, гуманны – антыгуманны, прыемна –непрыемна; можна – нельга, упоперак – удоўж, сумны – вясёлы, свой – чужы. Аднакарэнным антонімам процілеглае значэнне надаюць словаўтваральныя фарманты.
Антонімы бываюць поўныя, няпоўныя (частковыя) і кантэкстуальныя. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі: будаваць – разбураць. Добрая слава людзей збірае, а дрэнная – разганяе (Прыказка); І ў белы дзень і ў чорну ноч я ўсцяж раблю агледзіны (Я. Купала). Частковыя антонімы маюць няпоўную сэнсавую процілегласць і супастаўляюцца па адным або некалькіх значэннях. Так, слова радасць толькі ў значэнні 'пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці' супрацьпастаўляецца слову смутак у сэнсе 'пачуццё суму, маркоты, жалю'. Сэнсавая процілегласць кантэкстуальных антонімаў успрымаецца толькі ў пэўнай сітуацыі моўных зносін: І радасць – ніякая радасць, а горыч, //I песня – ніякая песня, а скарга, // страва ніякая страва, а камень, // І брага – ніякая брага, а слёзы, // сонца – ніякае сонца, а крыга, Калі ты на свеце ўсім гэтым Не маеш з кім падзяліцца (М. Танк).
Антонімамі бываюць часцей тыя словы, што перадаюць якасную прыкмету, якая можа ўзрастаць ці ўбываць і даходзіць да процілеглага, або ўласцівасць (хуткі – павольны, цвёрды - мяккі), процілегла накіраваныя дзеянні (апусціцца - падняцца), прасторавыя і часавыя адносіны (верх – ніз, рана – позна), стан (хвароба - здароўе), колькасныя адносіны (многа – мала), ацэнку (праўда -- хлусня).
Адно і тое ж слова можа ўтвараць некалькі пар антонімаў, што абумоўлена яго мнагазначнасцю, наяўнасцю сэнсавых адценняў. Напрыклад, прыметнік свежы мае наступныя значэнні: 1) толькі што прыгатаваны: адкуль на стале тваім // Бохан свежага хлеба пахучы (Р. Барадулін); 2) некрануты апрацоўкай (саленнем, вэнджаннем, кансерваваннем): свежая рыба, свежыя агуркі; 3) халаднаваты, досыць халодны: свежы вецер; Раніца была свежая, і буйная раса шчыпала босыя ногі (А. Чарнышэвіч); 4) новы, арыгінальны, упершыню выказаны, сфармуляваны: свежая думка, свежая рыфма.
Да першага са значэнняў прыметніка свежы антонімам будзе слова чэрствы, да другога – салёны, закансерваваны, вэнджаны, да трэцяга – цёплы, душны, да чацвёртага – стары, збіты, шаблонны.
Прыметнік блізкі таксама ўтварае розныя антанімічныя пары ў залежнасці ад значэння: блізкі – далёкі (лес), блізкі – чужы (чалавек), блізкая – непадобная (тэма).
Антонімы – важныя лексічныя і стылістычныя сродкі мовы, таму яны часта ўжываюцца ў вуснай народнай творчасці, мастацкай літаратуры, публіцыстыцы. На аснове антонімаў будуюцца антытэза і аксюмаран: горкая радасць, белая варона, гучная цішыня; Багаты і ў будзень піруе, а бедны і ў свята гаруе (Прыказка); Бяда і радасць ходзяць побач вечна, Людзей ратуе толькі чалавечнасць (П. Панчанка); Ты – маё шчасце і пакута, // Радасць і шчымлівы даўні боль, // Гаркаваты пах даспелай руты, // Мёд у сотах і на ране соль (С. Грахоўскі).
Паколькі антонімы сваім значэннем цесна звязаны паміж сабой, яны выкарыстоўваюцца побач адзін з адным для стварэння кантрасных характарыстык асоб, прадметаў i падзей, для проціпастаўлення і параўнання з'яў, для ўзмацнення сэнсу думкі: Дзень і ноч шуміць прыбой (А. Звонак); Малы жук, ды вялікі гук (Прыказка); Слову жывому - на гле бу ўрадлівую, // Мёртваму слову на камень, на жвір, // Шчыраму сэрцу – долю шчаслівую, // Чэрстваму сэрцу – балота і вір (С. Дзяргай).
Антанімічныя адносіны могуць устанаўлівацца паміж некаторымі прыназоўнікамі з прасторавым значэннем: ад лесу – да лесу, над страхой – пад страхой, з хаты – у хату i г. д.
Не маюць антонімаў словы з канкрэтным значэннем (шафа, бяроза, стадыён), вузкаспецыяльныя тэрміны (афікс, пігменту, уласныя імёны (Васіль, Нёман), лічэбнікі (два, чатыры), займеннікі і службовыя словы.
Сукупнасць антонімаў мовы, а таксама раздзел лексікалогіі, які вывучае антонімы, называюцца антанімікай” [3, с. 35].